Iнгрэдыенты

  • 200 г бараніны
  • 1 зубчык часнаку
  • 40 мл белага віна
  • 15г мукі
  • 10 г масла
  • 50 г белых грыбоў
  • 500 мл малака
  • соль
  • молаты белы перац
  • сланечнікавы алей
  • свежы чабор
Беларуская кухня вельмі разнастайная, яна ўвабрала ў сябе лепшыя кулінарныя традыцыі многіх народаў. Тым не менш, ёсць шмат страў, якія з'яўляюцца спрадвечна беларускімі. Напрыклад, мачанка, альбо, як яе часта называюць, маканка.

Часам не так проста растлумачыць замежным гасцям, што ўяўляе сабой гэтая страва. Мачанка падобная да соусу, але еўрапейская традыцыя паліваць соусамі страву ў Беларусі так і не прыжылася. Для нас больш звыкла і смачна мачаць тое, чаго болей, у тое, чаго меней. Спачатку нашыя продкі мачалі ў падліўку хлеб, бліны, а затым нават і ў бульбу.

Ёсць мноства рэцэптаў гэтай стравы. Але самы распаўсюджаны і папулярны  — мачанка з мяснымі прадуктамі, напрыклад, з грудзінкай, салам, сасіскамі, рабрынкамі, цыбуляй і падкалотам з мукі. Ёсць і іншыя гатункі мачанкі: з тварагом і мёдам, макавым малаком, яйкамі і салам, селядцовым расолам і нават льняным насеннем.

Шукаеце сапраўдную беларускую страву? Лічыце, што ўжо знайшлі! Мы пакажам вам спосаб прыгатаваць сытную і смачную мачанку з баранінай!
Спосаб прыгатавання:
1
Нагрэць вялікую патэльню і дадаць алей. Пакласці бараніну, дадаць часнок, чабор, белы перац і абсмажыць з усіх бакоў да залаціста-карычневага колеру. Уліць белае віно і накрыць, затым зняць з агню.
2
Дастаць з патэльні бараніну і ўсё, з чым яна смажылася. На астатнім алеі абсмажыць белыя грыбы, дадаць масла і муку, уліць віно, затым малако і тушыць, пакуль не згусне.
3
Змясціць бараніну ў прагрэты збанок, заліць гарачай мачанкай, пасыпаць пасечанай зелянінай і ягадамі журавін. Дранікі ці бліны падаваць асобна.

Стратэгія любого прадпрыемства — знайсці сваё месца на рынку, арганізаваць рэнтабельную вытворчасць, зарабляць грошы. І прыход у Беларусь аднаго з найбуйнейшых сусветных інвестараў — міжнароднай групы кампаній Henkel — гаворыць аб упэўненасці заходніх партнераў у надзейнасці інвестыцый. У краіне ёсць усё неабходнае для ўстойлівага развіцця бізнесу, а менавіта празрыстасць, паслядоўнасць, стабільнасць, добрая інфраструктура і выдатны персанал.

У 2003 годзе мне ўдалося растлумачыць нямецкім партнёрам, што аб'ём рынка і лакальныя ўмовы патрабуюць таго, каб наладзіць вытворчасць у Беларусі, ад стратэгіі імпарту перайсці да лакальнай вытворчасці на меснай сыравіне. Калі мы гаварылі пра стварэнне гэтага прадпрыемства на тэрыторыі Беларусі, у нас аб'ём продажу складаў менш 1 тыс. тон прадукцыі ў год.

Сёння мы вырабляем каля 60 тыс тон прадукцыі ў год, у наступныя 4–5 гадоў плануем выйсці на аб'ём 100 тыс. тон. Мы наладжваем вытворчасць крок за крокам, мадэрнізуем наш завод. Зараз у нас 6 вытворчых ліній, і застаўся апошні этап — поўная аўтаматызацыя завода. Мы значна пашырылі асартымент. Пачыналі з чатырох прадуктаў, зараз у нас 160 найменняў прадукцыі.

На рынку будаўнічых матэрыялаў вельмі жорсткая канкурэнцыя. Таму сёння недастаткова проста выпусціць прадукцыю, трэба забяспечыць яе сэрвісам. Мы аказваем сэрвіснае суправаджэнне нашых матэрыялаў і не рызыкуем якасцю прадукцыі, бескампрамісна выконваючы ўсе патрабаванні.

Умовы вядзення бізнесу ў Беларусі паляпшаюцца. Ёсць палітычная воля дзяржавы развіваць прыватны бізнес. І мы адчуваем гэтыя станоўчыя тэндэнцыі на сваім прыкладзе. Які мой асабісты рэцэпт вядзення бізнесу? Усё вельмі проста. Дзейнасць Henkel базуецца на прынцыпах якасці і прафесійнасці. Гэта і ёсць асноўныя складнікі поспеху.

Беларусы - вельмі гасцінны народ. Мы заўсёды стараемся знаёміць сваіх замежных партнёраў з беларускай кухняй. Мачанка з'яўляецца сапраўднай нацыянальнай стравай. Гэта якраз тая страва, якой можна здзіўляць. Калі вы наведаеце Беларусь, то абавязкова пакаштуйце мачанку.

СТАА «Хенкель Баўтэхнік» — падраздзяленне будаўнічай хіміі канцэрна Henkel у Беларусі. Створанае ў 2004 годзе з мэтай арганізацыі вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі. У сваім сегменце каманія займае 25% беларускага рынка. Прадукцыя Ceresit беларускай вытворчасці неаднаразова адзначалася дыпломамі "Будаўнічыя сумесі №1 у Беларусі" з 2006 года. Група кампаній Henkel  — міжнародны канцэрн з гадавым зваротам каля 20 млрд. еўра. Спецыялізуецца на вытворчасці сродкаў для чысткі і мыцця, будаўнічых сумесяў і бытавых клеяў, прамысловых тэхналогіях, касметыцы і парфюмерыі. Прадпрыемствы Henkel працуюць у 125 краінах свету, дзе зараз дзейнічае больш за 200 заводаў.

Больш рэцэптаў: